“Рэалістычна-пазнавальная сутнасць вібрацый”
Публиковалась в газете "Культура" № 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г.
Гэтымі паэтычнымі радкамі Соф’і Шах вызначыў агульны жывапісны настрой сваёй чарговай персанальнай выставы ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава гомельскі мастак Алег Курашоў.
І сапраўды адчуванне маляўнічага часу з усёй яго фарбавай і пачуццёвай красамоўнасцю вельмі яскравае. Кветкавая працягласць вясны паступова пераходзіць у такое ж рэха бясконцай разнастайнасці нацюрмортнай летняй прыгажосці, якая дазваляе не толькі бачыць, але і радасна назіраць, і спачувальна адчуваць нейкі прыхаваны колерамі філасофскі роздум. Міжволі прыгадваюцца словы Паскаля: “Які дзіўны гэты жывапіс — нацюрморт: ён прымушае захапляцца копіяй тых рэчаў, арыгіналамі якіх не захапляешся…” Сказана, праўда, перш за ўсё, аб “рэчавых” нацюрмортах, а тут — кветкавыя! Мастак проста вымушаны спаборнічаць з рэальнай прыгажосцю. І пераканаўча перамагае. Таму што піша, а не спісвае. Перадае кветкамі або праз іх свой настрой, свой жывапісны роздум. Іншы раз нават у назве твора выдае творчае памкненне. І тады з’яўляецца нацюрморт “Вібрацыя святла”, дзе пялёсткавае святло сапраўды вібрыруе, пераліваючыся, нібыта жывое. А хіба не творчая дзёрзкасць — спроба перадаць нацюрмортам… пах будучых яблык? Між іншым, твор так і называецца.
Увогуле Алег Курашоў парушае ўяўленне аб гэтым жанры як пераважна жаночым. Менавіта мужчынская смеласць, парывістая хуткасць увасаблення вызначаюць яго нацюрморты. Так, прыклад маці — адной з самых лепшых акварэльных прадстаўніц гэтага жанру Святланы Курашовай — адчуваецца відавочна. Але ж сам Алег піша алейнымі фарбамі менавіта з акварэльнай хуткасцю. Уявіце сабе: дзвюхзальная экспазіцыя твораў амаль уся напісана сёлета! Пры гэтым ён, як мы ўжо заўважылі, ставіць перад сабой самыя складаныя творчыя мэты. Вось толькі некалькі назваў такіх увасабленняў: “Сланечнік на яркім сонцы”, “Адчыняючы акно, я ўбачыў бэз…”, “Зялёны жук завітаў у госці…”, “Радасць веснавога сада”, “Букет для Ганны”, “Бэз на чырвоным фоне”. Пералічваць можна многае.
Але было б памылковым лічыць мастака толькі прыхільнікам нацюрморта. Ёсць на выставе і партрэты, напісаныя з той жа ўласцівай яму эмацыянальнасцю, якая яшчэ больш выяўляе духоўную сутнасць тых, каго ён партрэтуе. Пры размове з ім я пажартаваў, што, мабыць, піша і нацюрморты людзей? “А чаму б і не? — усміхнуўся у адказ. — Чым яны горшыя за кветкі?” І ўвогуле ў час адкрыцця выставы панавала вельмі даверлівае, сапраўды творчае адчуванне таго, што адбываецца сустрэча з сапраўды таленавітым мастаком, які яшчэ здольны на самыя дзёрзкія творчыя задумы. Аб гэтым гаварылі і дырэктар карціннай галерэі Наталля Акімцова, і маці мастака Святлана Курашова, і даўні сябар “Традыцыі” гомельскі жывапісец Андрэй Крылоў… Між іншым, Алега Курашова на Гомельшчыне ведаюць многія і па яго працы ў карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі. А гэтая шматгадовая далучанасць да творчасці многіх майстроў жывапісу — таксама выдатнае творчае асяроддзе, якім узбагачаецца ён вельмі адчувальна.
Я папрасіў яго падзяліцца ўражаннямі аб адкрыцці выставы і наогул крыху расказаць аб сабе чытачам штотыднёвіка “Культура”.
— Выстава ў Светлагорску для мяне вельмі важная яшчэ і тым, што галерэя не толькі па назве — “Традыцыя”. Яна сапраўды спавядае традыцыйны і лепшы сучасны жывапіс. Вось і цяпер у суседніх залах — працы Ганны Сілівончык, а пасля маёй плануецца выстава цудоўнага гомельскага мастака Андрэя Крылова. Пра аўтараў, творы якіх знаходзяцца ў фондах галерэі, я ўжо не кажу. У іх прадстаўлены практычна ўсе лепшыя майстры выяўленчага мастацтва. І не толькі Беларусі.
Калі гаварыць пра сябе, то я сапраўды большасць творчага часу аддаю нацюрморту. Дакладней, нацюрморту з кветкамі. Але займаюся і пейзажамі, і партрэтамі, пішу кампазіцыйныя і нават абстрактныя творы. Чаму кветкі? Вядома ж, гэта ўплыў маёй маці — мастачкі Святланы Курашовай. Вы і самі такое заўважылі. Але яшчэ і таму, што мне цікава натхняцца кветкавай прыгажосцю. Здаецца, у нейкім фільме я пачуў: “Можна ўсё жыццё правесці ў пошуках такой дасканалай кветкі і гэтае жыццё не будзе марным…” Мой бацька ў дзяцінстве вучыў мяне заўважаць прыгажосць паўсюль: маляўнічы захад сонца, грацыёзны паварот ракі, палянку з цэлай гамай каляровых адценняў або пяшчотную кветачку, знойдзеную ля самай дарогі… Нацюрмортам займаюся і буду займацца ў далейшым, але сувязь з натурай у маіх творах паступова змяншаецца. Кветкі ўсё больш проста толькі натхняюць мяне, але не дыктуюць свае ўмовы. Вось і на гэтай выставе вырашыў паказаць некалькі партрэтных прац…
Нават у такіх стрыманых словах творчы характар мастака даволі адчувальны. Алега Курашова заўжды прывабліваюць творы, нібыта ўзнікаючыя самі па сабе. Без асаблівых творчых пакут, лёгка і смела. Гэта акадэмічныя палотны Ю. Пэна, або нават зусім эксперыментальныя — маладых мастакоў, убачаныя на восеньскім салоне. Але абавязковай умовай для яго застаецца ўсё ж непарыўная рэалістычна-пазнавальная сутнасць. Партрэт павінен быць эмацыянальным. Вось на такіх умовах, вызначаных самому сабе, і пачаў свае спробы ў партрэтным жанры. Вядома ж, 18-гадовая праца ў карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі паспрыяла знаёмству з творчасцю многіх мастакоў. А гэта — своеасаблівая школа, настаўнікамі якой сталі Гаўрыіл Вашчанка, Зоя Літвінава, Сяргей Цімохаў, Павел Татарнікаў, Аляксандр і Васіль Касцючэнкі, Роберт Ландарскі, Мікалай Казакевіч, Валянціна Ляховіч, Аляксандр Карпан і іншыя.
— Заўжды ёсць чаму павучыцца ў таленавітых людзей, але вучыцца трэба ўласным талентам,— слушна заўважае мой суразмоўца.
Што ж, гэтай выставай у Светлагорску Алег Курашоў засведчыў яскрава, што ўласны талент у яго, безумоўна, ёсць.
Ізяслаў Катляроў
Светлагорск